Из "Гисторыя крывицкай книги" В. Ластовского
У БЭТЛЕЕМЕ, УБОГІМ ДОМЕ
У Бэтлееме, убогім доме,
У Іесіёвым і Давідовым,
Стварыцель ніне ляжыць на сене;
Вол і асляця грэюць дзіцяця.
Анёлы з неба ўсім даюць знаці,
Каб шлі пасполу Бога вітаці.
Самай паўночнай глухой гадзіны
Першы пастыры беглі к яскіні.
Кузьма з Дзям’янам прад Хрыстам Панам,
Пад самым дахам сталі са страхам.
Першы Мікіта рад Бога віта,
Пры яслях стаўшы, кучомку зняўшы.
Саўка з Яхімам, сваім братымам,
Скора прыспелі, зараз запелі.
Карусь з Тарасам гудзелі басам,
Бутрымка з Кантам пішчаць дышкантам.
Дзямід з Данілам загралі міла.
Барыс з Пратэсам спяшалі лесам,
Міхайла долам спяшаў з Антонам,
Грысь з Маланнёю гналі раллёю.
Раман з Ігнатам, са сваім братам,
Плылі тудою Эўфрат-ракою.
Ярэмка з Косцем быў першым госцем,
Сядзеў ў куточку на палазочку,
Цяртуху нюхаў, музыкі слухаў.
Назар з Карною прад храміною
Цераз канаўку паклалі кладку
Рупнай душою з рэзнай ступою.
Аўдзей паловы прынёс аслові,
Гаўрыла ў вечку – бычаці сечку.
Звечна падданы ўсе Іваны
Рубяць масточак цераз паточак.
Ў той час рыбакі нуцілі ракі,
Усе па плаціцы далі Уладыцы.
Ярмей з Гапонам – валы з прыпонам.
Ёнас з Юргасам, з пушчы літвіны,
Няслі Хрыстові з салам бацьвіны.
Хімка з Агапкай, дзве маладзіцы,
У дар Хрысту далі коўш галавіцы.
Астап з Макрэем, трэцім Нупрэем
Цяглі барана да Хрыста Пана.
Піліп з Макарам – са свойскім дарам,
З нівы радзімай, імі любімай,
Два хлябы ўзялі, Богу падалі.
Малады й стары, усе пякары,
Разам з арочы (?) неслі калачы.
Знахарка Дося спякла парося,
Пакуль паспела, сама ўсё з’ела.
З радасці оны чэрнцы паклоны
Ныне злажыці к Богу бяжыце.
І вы, чарнічкі, у чаравічкі
Абуйце ногі з радасці многі.
Вы, небажаты, малы хлапчаты,
Спяшайце к Богу ў стайню убогу.
Кушняры, з футра надрэце кутра,
Краўцы, прастаньце скраўкі хаваці:
Сам Бог работу рачыць вам даці.
Кавалі, гвоздзі зрабеце з копу,
Абы абіці тую там шопу.
Гантары, гонтаў і лат дадайце,
Сталяры, дзверы хутчэй гатуйце,
А вы, слясары, іх прырыхтуйце.
Усе шныцары, купна з маляры,
Да тае шопы робце аўтары.
Шкаляры, балоны да шопы оны
Папрыпраўляйце, чэсць Богу дайце.
А вы, стальмахі, робце лектыкі
Для прадвечнога Богу Ўладыкі.
А вы, музыкі, скрыпкі вазьмеце
І Бога Спаса развесялеце.
Рымары, узды і хамуціны
Прывезлі ў дары Божай дзяціне.
Вяльможны паны, грэкі, рымляны
Чэсна ўхадзілі, дары лажылі.
Дай жа, о Божа, усім цябе знаці
І на нябёсах блізь цябе стаці.
Комментариев нет:
Отправить комментарий