"Доўгі час асобнай парафіі грэцкага (рускага) абраду з цэнтрам у Лошыцы не існавала. Жыхары вёскі адносіліся да парафіі Каралішчавіцкай царквы.
У Лошыцы з канца 17 ст. існавала драўляная капліца (у 1766 гг. тытул пазначаны як Успення Багародзіцы (альбо ў каталіцкай традыцыі - Унебаўзяцця Панны Марыі).
У канцы 1760-х гг. уладальнік маёнтка мінскі падстароста Юзаф Прушынскі вырашыў заснаваць асобную парафію, склаў фундуш і пабудаваў новую мураваную царкву.
Апісанне новапабудаванай Лошыцкай царквы Успення Багародзіцы вядома з дакумента 1777 года: "Сама царква мураваная, гонтай накрытая, пад адным купалам з жалезным крыжам, і двух крыжыках па рагах <...> Бабінец драўляны <...> Цвінтар неагароджаны". У царкве знаходзіўся цудатворны абраз Багародзіцы.
Святаром Лошыцкай царквы быў Міхал Басюкевіч. Прэзентаваны тым жа Юзафам Прушынскім 23 снежня 1769 г. (відавочна, пасля пабудовы мураванай царквы). Высвечаны і інсталяваны мітрапалітам Феліцыянам Піліпам Валадковічам 27 чэрвеня 1770 г.
Дзейная мураваная Лошыцкая царква фігуруе ў дакументах 1780 і 1781 гг.
Аднак з сярэдзіны 1780-х гг. з царкоўных дакументаў будынак царквы знікае, застаюцца толькі згадкі пра яе валацугу-настаяцеля без будынка ўласнага храма.
Куды ж мог знікнуць мураваны будынак?
У дакуменце 1792 г. пра лёс царквы занатавана наступнае "Парафіяльнай царквы, фундаванай ад даўніх часоў, у кіраванні цяперашняга настаяцеля [Міхала Басюкевіча] не знайшоў, толькі на тым жа месцы ў 1784 годзе месяца красавіка 24 дня паводле распараджэння мітрапаліцкага праўлення і просьбы яснавяльможнага ягамосці Станіслава Прушынскага, генерала-ад'ютанта, закладзены і пасвечаны вялебным айцом Міхалам Басюкевічам, тутэйшым лошыцкім настаяцелем, падмурак, цяпер на касцёлік алтарыі тым жа вяльможным Прушынскім, перавернуты, і ад лацінскай іерархіі пасвечаны. А таксама ўся лошыцкая парафія на лацінскі абрад гвалтоўна тым жа калятарам пераведзена <...> Ранейшае царкоўнае начынне цяпер у гэтым касцёле ў распараджэнні двара знаходзіцца <...> Насельніцтва рускага абраду пры гэтай парафіі яшчэ налічваецца <...> асоб абодвух палоў 60".
Фундатар царквы Юзаф Прушынскі, за чый кошт быў узведзены мураваны будынак, пасля смерці жонкі вырашыў стаць ксяндзом (высвечаны ў 1773 г.), а з лютага 1777 г. атрымаў біскупскую сакру і стаў тытулярным біскупам менітэнскім (Mennitensis). Прыблізна тады, відаць, у яго з'явілася ідэя пераабсталяваць некаторыя цэрквы ў сваіх маёнтках пад касцёлы.
Некаторы час фактычнае пераабсталяванне царквы ў рымска-каталіцкую алтарыю не афішавалася. А лістападам 1787 года датуецца добра вядомы фундуш Станіслава Прушынскага (сына новага біскупа) на 10 тысяч злотых на заснаванне і ўтрыманне мураванай Лошыцкай алтарыі. Цяпер алтарыя ў колішнім царкоўным будынку атрымала афіцыйны статус.
Цікава, што Каралішчавіцкая царква, якая знаходзілася на землях Прушынскіх, прыблізна у гэты ж самы час таксама стала касцёлам, а яе парафіяне - рыма-каталікамі. Фундуш на заснаванне касцёла ў Каралішчавічах (на месцы і ў будынку царквы), выдадзены Станіславам Прушынскім, датуецца кастрычнікам 1785 г.
Скасаваць Лошыцкую парафію грэцкага абраду без згоды уніяцкай іерархіі Прушынскія не маглі, таму пакінулі Міхала Басюкевіча на падараванай яму ў 1769 г. зямлі. Ён хрысціў, бласлаўляў і адпяваў рэшткі сваёй парафіі да канца 1790-х гг., хаваючы целы некаторых пры мураваным будынку сваёй былой царквы, а сам фактычна з'яўляўся вікарным святаром у суседняй царкве ў Сенніцы.
Пасля смерці Міхала Басюкевіча Лошыцкая грэка-каталіцкая парафія перастала існаваць і дэ-юрэ.
Напэўна той самы (крыху перабудаваны?) будынак і замаляваў Юзаф Пешка каля 1800 г. Іншых мураваных сакральных будынкаў у Лошыцы Прушынскіх не было."
#Мінск #лошыца #цэрквы #касцёлы #капліцы
У часы царавання Паўла І (1796-1801) назіраўся цікавы працэс: самавольны пераход грэка-каталіцкіх святароў разам з парафіямі на лацінскі абрад. Рабілася гэта неафіцыйна, і ўніяцкае кіраўніцтва было вымушана шукаць такіх "лацінізатаў" і пазбаўляць іх парафій. Невядома, наколькі дбайна праводзіліся пошукі, бо некаторыя цэрквы з парафіямі так і засталіся касцёламі (Акалова, Завішына, Хатаевічы і інш.)
Упершыню мне патрапіўся ўніяцкі святар-"лацінізат", што называецца, з адкрытым тварам.
Святар Спаскай царквы ў Лагойску Марцін Рэцкі 23 сакавіка 1798 г. сумленна напісаў, што ён цяпер рымска-каталіцкі ксёндз, а яго парафіяне цяпер рыма-каталікі.
Нягледзячы на адкрытасць дзеянняў айца і на фармальную забарону такіх пераходаў, уся Спаская парафія Лагойска да канца красавіка 1799 г. (больш за год) па факце была рымска-каталіцкай.
Пасля ўсё ж айца-рэвалюцыянера ад парафіі адхілілі, усіх вярнулі ў грэцкі абрад, а да царквы прызначылі новага, не такога радыкальнага святара.
З айцом Марцінам нічога кепскага не стала. Некаторы час яго патрымалі бязмесцавым, а ў 1815 г. прызначылі святаром да грэка-каталіцкай царквы ў в.Клінок Ігуменскага павету.
Самае цікавае, што ў самавольнага лагойскага ксяндза была жонка і сямёра дзяцей.
Комментариев нет:
Отправить комментарий